Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

«Нулявы кіламетр» сучаснай еўрапейскай геадэзіі выяўлены ў Браслаўскім раёне

Кропка, з якой пачала пабудову геадэзічная сетка Расійскай імперыі і ў цэлым агульнаеўрапейская, выяўлена на ўзгорку недалёка ад аграгарадка Дрысвяты ў Браслаўскім раёне, паведамляе БЕЛТА.

Дрысвяцкая аснова з'яўляецца першым базісным вымярэннем, адной з апорных бакоў пры стварэнні першых трыянгуляцыйных пабудоў у заходняй частцы Расійскай імперыі.

Як расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў, гэта кропка была выяўлена па выніках дэталёвых сучасных вымярэнняў. Работы па яе пошуку вяліся ў агульнай складанасці каля 20 гадоў. А пачалося ўсё са знаходжання пунктаў Геадэзічнай дугі Струвэ, якая ўваходзіць у Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сёння Дрысвяцкая оаснова была раскапана: на глыбіні прыкладна 1,5 м пад слоем камянёў аказалася цагляная кладка-перакрыжаванне, закладзеная яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя.

Пацвердзіўшы праз сувязь са спадарожнікам дакладнасць каардынат, удзельнікі «экспедыцыі» зноў засыпалі кладку.

«Сёння мы знайшлі базіс, з якога ствараецца сучасная геадэзія. З гэтай кропкі пачалі развівацца сучаснае вызначэнне каардынат і высокадакладная навігацыя, якія мы маем сёння. Яна прымяняецца не толькі ў геадэзіі і землеўпарадкаванні, але і ў архітэктуры, для развіцця энергетыкі, транспартных сетак. Абаронны напрамак грунтуецца на вымярэннях, базу якіх залажылі геадэзісты ў 1816 годзе», – адзначыў Андрэй Гаеў.

Ён падкрэсліў, што гэта прыклад для сучаснага пакалення: як трэба ставіцца да працы. У складаных умовах, пры любым надвор’і, не маючы сучаснымых тэхналогій, «людзі рабілі тое, што сёння пацвярджаюць спадарожнікі».
«Гэты пункт будзе інтэграваны ў сучасную геадэзічную сетку і будзе прыносіць карысць народна-гаспадарчаму комплексу», – сказаў Андрэй Гаеў.

Неабходнасць у правядзенні тут першых трыганаметрычных вымярэнняў была звязана з тым, што вайна 1812 года паказала адсталасць Расійскай імперыі ў справе стварэння пэўных і дакладных ваенна-тапаграфічных карт. Пачаць работу з заходніх рубяжоў імперыі было вырашана, паколькі менавіта тут пагроза ваеннага ўварвання была большая. Новыя трыганаметрычныя і тапаграфічныя здымкі Віленскай губерні ствараліся на аснове трыянгуляцыі. Займаліся гэтым ваенныя геадэзісты, пад кіраўніцтвам Карла Теннера.

Дацэнт кафедры геадэзіі і аэракасмічных тэхналогій Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Уладзімір Мкртычан у мінулым быў кіраўніком «Белаэракосмагеадэзіі», якая займалася пошукам пунктаў Дугі Струвэ. Былі выяўлены 19 пунктаў на тэрыторыі Беларусі, з іх 5 уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

«Сувязь паміж пунктамі ў гэтай мясцовасці – паўднёвы край Дрысвяцкага возера. Геадэзічная сетка, якая распаўсюдзілася з гэтай кропкі, прасцерлася на ўсе краіны Усходняй Еўропы. Сённяшняя падзея – важная для беларускай геадэзіі. Калі б ні гэта кропка, у нас не было б спадарожнікавай навігацыі. Дзякуючы створаным сеткам мы перанеслі геадэзію ў касмічную прастору», – падкрэсліў Уладзімір Мкртычан.
 
Геадэзічная дуга Струвэ атрымала сваё назву ў гонар расійскага астранома Васілія Якаўлевіча Струвэ. Галоўнай мэтай яе стварэння было вывучэнне формы Зямлі і ўдакладненне даных аб яе памерах. Геадэзічная дуга Струвэ вымяралася навуковымі супрацоўнікамі Дерптской (Тартускай) і Пулкаўскай абсерваторый з 1816 па 1855 год. Фінансаванне вялося на сродкі, ахвяраваныя асабіста імператарамі Аляксандрам I і Мікалаем I.
Дуга бярэ свой пачатак ад пункта Фугленес на ўзбярэжжы Баранцавага мора і заканчваецца недалёка ад узбярэжжа Чорнага мора на паўднёвым захадзе Украіны ў пункце Стара-Някрасаўка. Агульная працягласць больш 2,8 тыс. км. Дуга праходзіць па тэрыторыі дзесяці краін: Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны і Малдовы. Усяго налічваецца 265 яе асноўных трыянгуляцыйных пунктаў, з якіх 28 вызначаны ў Беларусі. Больш было пабудавана толькі ў Украіне (50) і Фінляндыі (84).

У спіс ЮНЕСКА на тэрыторыі Беларусі трапілі пяць найбольш захаваўшыхся пунктаў: Чакуцк, Лескавічы, Асаўніца ў Брэсцкай вобласці і Лапаты, Тупішкі у Гродзенскай. Апорныя кропкі гэтай сеткі маркіраваны на мясцовасці розным спосабамі: зроблены ў выглядзе паглыбленняў у скалах, адзначаны жалезнымі крыжамі, пірамідамі з камянёў або спецыяльна ўстаноўленымі абеліскамі.

Як адзначыў старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін, у будучыні мясцовыя ўлады ўстановяць знак на месцы базісу каля Дрысвят і ўказальнік да яго з дарогі. «Гэта адна з кропак прыцягнення турыстаў. Будзем уключаць гэта месца ў маршруты для нашых гасцей. Патрэбен будзе і нейкі QR-код, каб турысты з яго дапамогай маглі прачытаць аб гэтым месцы і яго значнасці», – сказаў Аляксандр Баданін.


Апошнія навіны