Настройкі
Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Зрабіць прышчэпку, каб не хварэць. Актуальнасць вакцынацыі супраць COVID-19

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на сённяшні дзень папярэдні агульны ўзровень калектыўнага імунітэту (постінфекцыйнага і поствакцынальнага) у краіне з'яўляецца недастатковым для стрымлівання цыркуляцыі віруса. Таму па-ранейшаму для кантролю над эпідэміялагічнай сітуацыяй будуць выкарыстоўвацца рэкамендацыі аб сацыяльным дыстанцыраванні і выкарыстанні сродкаў абароны органаў дыхання (масак).

Кожнаму беларусу нельга забываць, што каронавірус існуе, з'яўляюцца яго новыя штамы, і гэта аб'ектыўная рэальнасць, у якой мы апынуліся і якую не можам змяніць. Адзінае, на што мы можам паўплываць – гэта на тое, як мы сябе пры гэтым вядзем, якія робім прафілактычныя меры.

Самай дзейснай прафілактычнай мерай з'яўляецца вакцынацыя. Нягледзячы на тое, што пандэмія каранавіруса працягваецца ўжо больш за год і з'яўляюцца ўсё больш небяспечныя штамы віруса, не ўсе беларусы спяшаюцца рабіць прышчэпку ад COVID-19. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя, таму што павольнае правядзенне вакцынацыі стварае спрыяльныя ўмовы для з'яўлення і хуткага распаўсюджвання новых, больш заразных відаў віруса.

Безумоўна, рашэнне аб прышчэпцы кожны чалавек прымае сам або разам з урачом зыходзячы з наяўных захворванняў і стану здароўя. Аднак для большасці грамадзян вакцынацыя застаецца найбольш эфектыўным спосабам абароны сябе, бацькоў, сяброў і калег па працы ад заражэння каранавірусам. І толькі разуменне ўсімі беларусамі гэтага факту дазволіць нам паспяхова адолець COVID-19 і вярнуцца да звычайнага жыцця.
 

"Толькі вакцынацыя можа спыніць распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі"
Алена Богдан, першы намеснік міністра аховы здароўя 

"Чацвёртая хваля самая агрэсіўная з усіх, з якімі мы да гэтага моманту сутыкаліся. Яна паражае досыць хутка не толькі людзей старэйшага ўзросту, але і маладых, дзяцей і цяжарных жанчын. Вопыт паказвае, што чалавецтва перыядычна сутыкаецца з такімі інфекцыямі. Толькі вакцынацыяй можна спыніць далейшае распаўсюджванне і мутацыю каранавіруса – падкрэсліла Алена Богдан. – Вядома, вакцына не гарантуе таго, што чалавек не захварэе. Аднак ён не будзе хварэць цяжка".
 
Па апошніх даных, у Беларусі прышчэпку ад каранавіруса зрабілі каля 2,7 млн чалавек, у тым ліку 400 цяжарных жанчын. Для калектыўнага імунітэту пастаўлена мэта прышчапіць 60% насельніцтва. "Упэўнена да гэтага ідзем. Ужо пачалі рэвакцынацыю. Раней мы давалі рэкамендацыі па ёй – дзевяць месяцаў. З улікам развіцця эпідпрацэсаў (аналізуем сітуацыю, даныя па эфектыўнасці розных вакцын) змянілі паказанні і пачынаем праводзіць рэвакцынацыю праз шэсць месяцаў", – паведаміла першы намеснік міністра.
 
"Вакцыны супраць COVID-19 сапраўды бяспечныя"
Юрый Горбіч, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі

Многія людзі лічаць вакцыны супраць COVID-19 малавывучанымі, таму хочуць паназіраць, але такая пазіцыя можа быць багатая сур'ёзнымі наступствамі ў выглядзе хваробы, лічыць Юрый Горбіч. "Зараз няма чалавека, у якога ў асяроддзі не было б ніводнага вакцынаванага. З імі што-небудзь здарылася? Нічога. Наадварот, яны атрымалі перавагу ў выглядзе абароны", – сказаў ён.
 
З нагоды меркавання, што "вакцыны малавывучаныя", загадчык кафедры заўважыў: "Адзіны этап у прызнанні вакцын, які не скарачаецца ніколі, – этап праверкі бяспекі. Можа быць скарочаны этап праверкі эфектыўнасці, гэта праўда. Але этап праверкі бяспекі не скарачаецца. Таму вакцыны максімальна бяспечныя", – сказаў ён.
 
Юрый Горбіч пагадзіўся, што на першапачатковым этапе прымянення вакцын супраць COVID-19 маглі паўстаць цалкам абгрунтаваныя пытанні аб іх эфектыўнасці. Аднак сёння назапашаны вопыт іх прымянення даказвае, што вакцынацыя рэальна ратуе жыццё.
 
"Па стацыянарах відаць: колькасць прышчэпленых чалавек там у разы менш, чым непрышчэпленых. Пра рэанімацыі я ў прынцыпе маўчу – там адзінкавыя выпадкі вакцынаваных. І яшчэ адна рэч, на якую хачу звярнуць увагу і пра якую мала кажуць: тыя, хто хварэлі раней, цяпер хварэюць у вялікай колькасці. Вакцынаваных мала, а вось тых, хто раней перахварэлі, – шмат. Гэта пацвярджае і вопыт замежных калег. Таму тыя, хто перахварэлі, таксама павінны вакцынавацца», – адзначыў ён.
 

Дзе можна зрабіць прышчэпку ад COVID-19? 

У Беларусі адкрыта больш за 850 пунктаў вакцынацыі супраць COVID-19. Пункты працуюць у паліклініках, бальніцах і РНПЦ, гандлёвых цэнтрах, здраўпунктах прадпрыемстваў, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ў метро. У сельскай мясцовасці працуюць мабільныя брыгады.

На сайце Міністэрства аховы здароўя размешчана карта вакцынацыі. Беларускія грамадзяне і госці краіны могуць выбраць найбліжэйшы пункт і прайсці вакцынацыю супраць інфекцыі COVID-19.
 

Якія вакцыны даступныя для правядзення вакцынацыі ў нашай краіне?

У цяперашні час выкарыстоўваюцца наступныя вакцыны:
- Гам-КОВИД-Вак, краіна-вытворца Расійская Федэрацыя;
- Гам-КОВИД-ВАК, краіна-вытворца Рэспубліка Беларусь;
- інактываная вакцына супраць SARS-CoV-2 (клеткі Веро), краіна-вытворца КНР.
Для даведкі: вакцына Гам-КОВИД-Вак часцей называецца "Спадарожнік V".

Ці можна і трэба рабіць прышчэпку ад COVID-19 тым, хто перахварэў каранівіруснай інфекцыяй?

У асоб, якія перанеслі COVID-19, захоўваецца рызыка паўторнага захворвання. І калі ў першыя некалькі месяцаў пасля перанесенай інфекцыі гэтая рызыка досыць нізкая, то ў наступныя месяцы яна значна павялічваецца. Выпадкі паўторнага захворвання рэгіструюцца, у тым ліку і ў Беларусі.
 
Вакцынацыя можа быць пачата пасля поўнага выздараўлення ад перанесенай COVID-19. Калі захворванне перанесена ў сярэднецяжкай або цяжкай форме, то па рашэнні ўрача прышчэпку мэтазгодна правесці праз 1-4 тыдні пасля выздараўлення. Але ўлічваючы, што 3-6 месяцаў постінфекцыйны імунітэт найбольш верагодна забяспечыць абарону ад паўторнага захворвання, можна адкласці пачатак вакцынацыі на гэты перыяд.
 
Тым, хто перанёс раней COVID-19 таксама, як і тым, хто не сутыкаўся з узбуджальнікам гэтай інфекцыі, неабходна рабіць прышчэпкі. Вакцынацыя забяспечыць больш доўгую і паўнавартасную абарону ад наступнага заражэння. Паводле даных, атрыманых у ходзе 3-й стадыі клінічных выпрабаванняў вакцыны Гам-КОВИД-Вак, устаноўлена, што ўзровень вірусанейтралізуючых антыцел у 1,3-1,5 разы больш у тых, хто быў прышчэплены, у параўнанні з тымі, хто перанёс раней інфекцыю.

Як можна лабараторна праверыць – ці з’явіўся імунітэт пасля прышчэпкі?

Лабараторныя даследаванні для ацэнкі ўзроўню сфарміраванай пасля вакцынацыі абароны не з'яўляюцца руціннымі ні ў адной краіне свету ў цяперашні час. У нашай краіне гэтыя даследаванні праводзяцца ў рамках асобных праектаў (праграм).

Якія дакументы выдадуць пасля прышчэпкі?
Усім, хто атрымаў прышчэпку супраць COVID-19 і не плануе выезд за межы краіны на працягу года пасля вакцынацыі-2, будзе выдавацца выпіска з медыцынскіх дакументаў, якая пацвярджае правядзенне вакцынацыі-1 і вакцынацыі-2. Тым, хто атрымалі прышчэпкі і плануюць выезд за межы краіны на працягу года пасля вакцынацыі-2, па патрабаванні будзе выдавацца сертыфікат, які пацвярджае правядзенне вакцынацыі. У сертыфікат звесткі ўносяцца як на рускай, так і на англійскай мовах. Пашпартная частка запаўняецца як у пашпарце.
 
Формы гэтых дакументаў зацверджаны загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.


Апошнія навіны