Настройкі
Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Пустуючыя і старыя дамы: як такое жыллё знаходзіць сваіх гаспадароў

Пустуючых і старых дамоў налічваецца ў спецыяльным рэестры больш за сем тысяч. У некаторых рэгіёнах на іх вялікі попыт, а недзе наадварот. На ўзроўні Прэзідэнта рашэнню гэтай праблемы ўдзяляецца вялікая ўвага.


Адпачынак з відам на прыроду

У Вілейскім раёне на пачатак вясны налічваліся 74 пустыя дамы, з іх пяць – у горадзе, астатнія – у вёсках. Нядаўна на 80 % знізілі кошт з бярвенай хаціны, якой ужо амаль 70 гадоў. Плошча – больш за 37 «квадратаў». Знаходзіцца ў вёсцы Глебенкі Людвіноўскага сельсавета. Жылы пакой адзін. Гэты дом можна купіць за 400 рублёў. Калі пакупнікоў і за такі кошт не знойдзецца, кошт знізяць да базавай велічыні. 

Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама Алена Лях расказала, што за сакавік з аўкцыёну прадалі дзве гаспадаркі, пачатковы кошт быў 32 рублі: 

– Нам у райвыканкам многія тэлефануюць, цікавяцца пустымі збудаваннямі. Але не бяруць, калі кошт зніжаны на 30, 50 і нават 80 %. Чакаюць паніжэння да адной базавай. Так вось апошнія дзве гаспадаркі, што прададзены з аўкцыёну з пачатковым коштам 32 рублі, у выніку пайшлі за 5000. Бо як толькі з'яўляецца дом за базавую велічыню, тэдефануе 8–10 чалавек. Вялікі попыт. 

Наогул, з пачатку года ў Вілейскім раёне прадалі ўжо 11 пустых хат. Мінімальны кошт – 580 рублёў, максімальны – 5600. 

– Часцей за ўсё пакупнікамі выступае моладзь. Яна шукае месца для летняга адпачынку. Бывае, бяруць і для пастаяннага пражывання, але гэта адзінкавыя выпадкі. Нядаўна з'явіліся навасельцы з Гомеля. Брастаўчане цікавяцца. Але ў асноўным гэта мінчане. Вілейскае вадасховішча прыцягвае многіх.

Прапанова і попыт

А вось у Забалоцкім сельсавеце Смалявіцкага раёна пустых дамоў ужо няма. А тыя, што былі, хутка знайшлі новых гаспадароў.

– Людзі самі знаходзілі спадчыннікаў і дамаўляліся з імі аб здзелцы, – расказвае старшыня сельсавета Таццяна Карнеенка. – Смалявіцкі раён размешчаны блізка да Мінска, таму праблемы пустых дамоў у нас няма. Адсюль зручна ездзіць у сталіцу на работу, так што нават моладзь перабіраецца да нас. Вось у Клецкам раёне занядбаныя хатки ёсць.

Тэлефануем у Клецкі раён. Старшыня мясцовага Савета дэпутатаў Святлана Чакун кажа вось што: 

– За мінулы год прадалі тры гаспадаркі. Часцей бяруць для дачы. Але ёсць у нас і другія прыклады. Уладальнікі аградвара «Янавiцкi гасцiнец» выкупілі пустуючае збудаванне, якое якраз знаходзілася побач з іх участкам. Канечне, бралі яго не за адну базавую. Але і гаспадарка знешне выглядае годна – пры жаданні можна нават жыллё для гасцей зрабіць. 

Па словах Святланы Чакун, за адну базавую яны збудаванні не прадавалі, у асноўным кошт быў ад 700 рублёў і вышэй: 

– У вёсцы Грыцэвічы мінчане ўзялі хату, прыязджаюць летам, як на дачу. У аграгарадку Сіняўка дом куплены, але стаіць без жыхароў. Відавочна, што там прыбіраюць участак.

З бліжэйшымі да буйных гарадоў вёскамі ўсё зразумела. Пустой нерухомай маёмасці днём з агнём не знойдзеш. А што рабіць такім, як Смятанічы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці? Вялікая частка вёскі складаецца са старых хат. А яны разбураюцца, участкі зарастаюць бур’яном. Дзе знайсці руплівых гаспадароў на гэтыя квадратныя метры і соткі? У сельсавеце кажуць, што хоць кошт і апускаецца да базавай велічыні, аднак сітуацыю гэта не мяняе. Таму гаспадаркі плануецца знасіць.

Рух да разумнага кошту

Зусім нядаўна Прэзідэнт падпісаў Указ № 118, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонда і паскарэнне ўцягнення ў гаспадарчы абарот жылых памяшканняў, размешчаных у сельскай мясцовасці. Даведаліся ў спецыяліста, чаго чакаць з уступленнем у сілу новага ўказа.

– Некаторыя блытаюць Указ № 118 з 116-м, які вызначаў парадак прызнання жылых дамоў пустымі, а таксама работы мясцовых выканаўчых камітэтаў з такімі дамамі. У рамках дзеяння Указа № 116 жылая гаспадарка ў выпадку прызнання яе пустуючай можа перайсці ў дзяржаўную ўласнасць, – тлумачыць Вікторыя Красоўская, начальнік галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. – А вось Указ № 118 уносіць карэкціроўкі ў два папярэднія – № 388 «Аб парадку распараджэння дзяржаўным жыллёвым фондам» і № 237 «Аб распараджэнні дзяржаўным жыллёвым фондам».

Гаворка ідзе аб незаселеных жылых памяшканнях дзяржаўнай уласнасці ў сельскай мясцовасці. Пачатковы кошт на аўкцыёне цяпер будзе ставіцца па ацэначным кошце, а не па рыначным, як было раней. Таксама з'явіцца магчымасць паніжаць кошт на дзяржпамяшканні на 80, 50 % і так аж да базавай велічыні. 

– Да гэтага моманту такое жылое памяшканне магло быць прададзена на паўторных аўкцыёнах з паніжаючым крокам аўкцыёну 5 % ад пачатковага кошту продажу, – кажа Вікторыя Красоўская. 

Мнагадзетныя сем'і могуць набыць такія аб'екты дзяржаўнага жылога фонда без правядзення аўкцыёну.

– Па сутнасці, новы ўказ дапаможа ўцягнуць у гасабарот незапатрабаваныя дзяржпамяшканні. У грамадзян з'явіцца магчымасць купіць жыллё па аптымальным кошце, – адзначае спецыяліст. 

Бізнес на «заброшках»

Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы», расказвае:

– Ёсць прыклад, калі людзі закінутае сяло ператварылі ў бізнес. Гэта фермерская гаспадарка «Белыя лугі» у Карэліцкім раёне. Уладальнікі скупілі каля дзесяці дамоў у населеным пункце і яшчэ столькі ж прывезлі з суседніх вёсак. 



А таксама двор Андрэя Крука «Вясёлая хата» у Капыльскім раёне. Ён узяў каля пяці дамоў і паступова іх рэстаўрыруе. Ёсць яшчэ прыклад у вёсцы Зарачаны Пухавіцкага раёна. Гэта Андрэй і Ала Ніжнікі. У 2008 годзе ў іх быў дом, калісьці там жыла бабуля Алы. Затым яны купілі некалькі дамоў, і туды пераехалі іх сваякі. І атрымліваецца, гэта вёска Зарачаны стала турыстычнай. 

Гэта значыць што адбываецца? Уладальнікі двароў бачаць, што праект удалы, людзі прыязджаюць. Значць, трэба маштабавацца, каб была магчымасць размясціць больш гасцей. Да прыкладу, «Вясёлая хата», там ёсць уся інфраструктура. Плюс з'явіліся рабочыя месцы. 

Ёсць цікавы прыклад на Палессі. Мінчанка пераехала ў Жыткавіцкі раён, магчыма, на малую радзіму або ў вёску, дзе бабуля жыла, і купіла там дом. З яго зрабіла двор «Прыродазнаўства». І там пячэ хлеб, праводзіць розныя майстар-класы, у цэлым, развівае сельскі турызм. Гэта яркі прыклад таго, што адзін чалавек здольны адрадзіць, па сутнасці, вёску.

Па матэрыялах sb.by


Апошнія навіны