15.02.2022
Карэкціроўкі зямельнага заканадаўства абмеркавалі сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі
Справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй ляжаць у аснове стабільнасці ў грамадстве. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях удасканалення зямельных адносін.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зямельныя адносіны – гэта адно з найважнейшых пытанняў у жыцці любой краіны. "Справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй – гэта падмурак стабільнасці ў грамадстве. Менавіта з-за яе ў свеце пачыналася большасць войнаў і канфліктаў. А тэрытарыяльныя прэтэнзіі лічацца самымі складанымі і балючымі як у міждзяржаўных, так і ў лакальных, нават прыватных пытаннях», – сказаў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што адміністраванне зямельных адносін – не проста звод нарматыўных правіл. Па яго словах, заканадаўства ў гэтай сферы –шматвекавы вопыт і нават традыцыі выкарыстання зямлі на канкрэтнай тэрыторыі канкрэтным народам. "Трапяткое стаўленне да зямлі закладзена глыбока ў менталітэце людзей, у іх гістарычнай памяці, культуры, традыцыях продкаў. І павінен сказаць, што ўсе народы, калі браць крытэрый зямельных адносін, вельмі падобныя адзін на аднаго – усе яны цэняць зямлю, на якой жывуць, і гатовы за яе змагацца нават у крайніх формах», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як на пачатку стаўлення незалежнасці ў Беларусі быў абраны шлях разумнага і эвалюцыйнага развіцця зямельных адносін: "Мы не маглі дазволіць абрабаваць народ – дапусціць, каб зямля па-варварску дзялілася і пераразмяркоўвалася сярод тых, хто мае да яе доступ. Паступовасць і паслядоўнасць застаюцца краевугольнымі камянямі нашай палітыкі. Апошнія гады даказалі, што гэтыя падыходы ў поўнай меры адпавядаюць запатрабаванням нашага насельніцтва", – заявіў беларускі лідар.
Тым больш, звярнуў увагу ён, для большасці простых грамадзян зямельнае заканадаўства па сваёй адчувальнасці супастаўнае з канстытуцыйнымі палажэннямі, таму што датычыцца асабіста іх. "Менавіта дзякуючы высокай культуры землекарыстання мы дасягнулі поспехаў у сельскай гаспадарцы і спакойна забяспечваем сваю харчовую бяспеку. Больш як 40 працэнтаў нашай тэрыторыі пакрыта лясамі, і на гэтай аднаўляльнай аснове мы паступова развіваем лесаперапрацоўчую прамысловасць", – адзначыў Прэзідэнт.
"Урад лічыць, што наспела неабходнасць сур'ёзнай карэкціроўкі дзеючага заканадаўства, і ўнёс свае прапановы ў выглядзе праекта ўказа", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка абазначыў на нарадзе шэраг прынцыповых пытанняў, перш чым прыняць тое ці іншае рашэнне.
Першае, што цікавіць Прэзідэнта, у чым канкрэтна заключаецца неабходнасць удасканалення існуючых у Беларусі зямельных адносін. "Што трэба яшчэ дадаць, каб было лепш? І, як заўсёды, я задаю пытанне: да часу гэтыя новаўвядзенні, якія прапануюцца, ці патрэбны яны наогул і каму патрэбны? - паставіў пытанне беларускі лідар. – Звярніце ўвагу: сялянам, людзям, якія гістарычна жылі на гэтых землях, або камусьці, хто прыхапіў тут, прыкупіў па невысокіх цэнах (цана на зямлю цяпер расце) кавалачкі каля Мінска, унутры кальцавой дарогі і сёння хоча, як вы пішаце, свабодна распараджацца гэтай зямлёй?".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у тым ліку размова ідзе аб тым, каб перадаць шэраг істотных паўнамоцтваў Кіраўніка дзяржавы на ўзровень ніжэй. Так, для будаўніцтва прыватных дамоў прапануецца дазволіць выдзяляць участкі плошчай да 1 гектара. "Хацелася б, каб губернатары ўключыліся і сказалі: у нас дастаткова зямельных рэсурсаў, каб, не знішчаючы лясы, надзяліць жадаючых аж да аднаго гектара. Па-мойму, мы сёння і па 6–10 сотак не можам забяспечыць жадаючых (там, дзе яны хочуць, прынамсі). Таму хацелася б пачуць адказ на гэта пытанне", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод прапануемых навацый і пашырэнне магчымасцей па ўзаконьванні самавольна занятых участкаў, змяненні мэтавага прызначэння ўчастка да завяршэння будаўніцтва. У гэтай частцы Прэзідэнт таксама паставіў шэраг пытанняў, бо цяпер узаконіць самавольна занятыя ўчасткі практычна немагчыма. Альбо можа ўзнікнуць сітуацыя, калі чалавек бярэ зямлю для будаўніцтва дома і займання сельскай гаспадаркай, а потым захацеў выкарыстоўваць гэты ўчастак зусім пад іншыя мэты. "Ну тады чым ты ўчора думаў, калі прасіў гэту зямлю?" – задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Савет Міністраў лічыць, што надышоў час дазволіць свабоднае распараджэнне ўчасткамі, атрыманымі ў тым ліку на льготных умовах. "Як я ў пачатку сказаў: каму выгадныя вось такія навацыі і змяненні? Я пакуль нічога не абвяргаю. Я задаю пытанні. Прытым у такой больш жорсткай форме", – сказаў Прэзідэнт.
Як дакладваюць Кіраўніку дзяржавы, адназначнай думкі па праекце ўказа пакуль няма. Ёсць сур'ёзныя апасенні, што яго палажэнні створаць пралазы для злоўжыванняў, спекуляцый і проста несправядлівага гандлю зямлёй. "Ці не атрымаецца, што мы адкрыем магчымасці для тых, хто назапасіў капітал рознымі шляхамі і спосабамі і цяпер выкупіць самыя лепшыя землі краіны, а большасць грамадзян акажуцца ў баку? Тыя, хто сапраўды на зямлі заўсёды быў. Ці сапраўды праект указа вырашае праблемы, якія хвалююць большую частку беларусаў?" – пацікавіўся беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, напрыклад, калі даюць магчымасць памеры ўчастка, то можна дазволіць будаваць там другі жылы дом: "Такіх выпадкаў было нямала. І ў Брэсцкай вобласці, я памятаю, мы прымалі рашэнні. Калі жывуць бацькі, у яго паўгектара, сын хоча нешта там пабудаваць – немагчыма. Давялося прымаць падобныя рашэнні. Вось тут пытанне ёсць. Гэта пытанне трэба вырашаць. Калі дастаткова зямельнага ўчастка, бацькі жывуць і сын ці дачка хоча пабудаваць дом або прыбудову нейкую зрабіць. Магчыма. Гэта яго ўчастак".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яго патрабаванне было не ў тым, каб пад Мінскам выраслі новыя гарады і ўтварылася мегаагламерацыя з насельніцтвам пад трэць дзяржавы: "Я даручаў прадумаць стымулюючыя механізмы, каб разгрупаваць людзей па краіне, – падкрэсліў ён. – Можа, недзе пад Смаленскам (размова аб тэрыторыі Беларусі паблізу граніцы з Расіяй недалёка ад горада Смаленска. – Удакл.) і трэба танна прадаць участак і бясплатна перадаць. І такіх зямель у нас дастаткова".
"У нас дастаткова такіх вось вёсачак далёкіх, хутароў і проста прыгожых месцаў за 150–200 кіламетраў ад буйных гарадоў, якія асвойваліся і асвойваюцца людзьмі. І яны мелі там свой куток, прыводзілі яго ў парадак, былі гаспадарамі на ўласнай зямлі", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне ўжо ёсць паспяховы вопыт развіцця пасёлкаў гарадскога тыпу і тэрыторый вакол іх, і там ёсць шмат участкаў, якія можна аддаць людзям. "Вось для нас што сёння важна. Гэта ўсё размеркаваць", – падкрэсліў беларускі лідар.
Больш таго, участкі, якія можна было б уключыць у абарот, ёсць і ў непасрэднай блізкасці ад Мінска, калі па-гаспадарску падысці да пытання. Часам такія ўчасткі менш зручныя для будаўніцтва і патрабуюць дадатковых укладанняў. "А ў нас што, мала багатых людзей? Толькі прапануй і пакажы. Ён прыйдзе, купіць і яшчэ ў два разы даражэй заплаціць, – заўважыў Кіраўнік дзяржавы. – Таму трэба размеркаваць і заняць участкі зямель, якія сёння не ўключаны ў абарот, дзе ёсць пад'езд, дарога. Нават да самага маленькага хутара хоць нейкая палявая дарога ёсць. А што туды падведзена электрычнасць - 100 працэнтаў. Таму што там жылі людзі. Там проста для таго, каб паслухаць цішыню і падыхаць свежым паветрам, любы багаты чалавек можа купіць гэты хутарок".
Другая задача, якая ставілася Прэзідэнтам, – гэта спрашчэнне тых працэдур, дзе практыка жыцця паказала, што ад іх можна адмовіцца, альбо дзе адміністрацыйныя бар'еры і бюракратыя сталі празмернымі. Напрыклад, як нядаўна было прынята рашэнне ў частцы продажу пустуючых дамоў у вёсцы.
У цэлым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сфера зямельных адносін і магчымыя змяненні ў гэтай галіне – гэта не простая тэма. "Калі мы не з таго боку за яе возьмемся, атрымаем такую аплявуху ад народа… І заслужаную, – заўважыў ён. – Я проста канцэнтрую пытанні, праблемы. Таму што сур'ёзнае пытанне, і мне прымаць рашэнне".
"Наш прынцып – падыходзіць да ўсіх змяненняў узважана. Прадастаўленне зямельных участкаў павінна не столькі прыносіць дзяржаве эканамічную выгаду, колькі адпавядаць чаканням насельніцтва і рэальна вырашаць яго праблемы. Зямля – нацыянальны здабытак і важнейшы рэсурс. Нам трэба не толькі выкарыстоўваць яе рацыянальна, але і захаваць для будучых пакаленняў. Таму землі сельгаспрызначэння і ляснога прызначэння знаходзяцца і будуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы", – падкрэсліў Прэзідэнт.

Як растлумачыў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў па выніках нарады, падрыхтоўка адпаведнага праекта ўказа Кіраўніка дзяржавы вялася з лістапада 2020 года: "Ён не так проста нараджаўся і на дадзены момант з'яўляецца асэнсаваным, рэалізуючым дзве мэты: першая – гэта рашэнне тыпавых праблем грамадзян, другая мэта прапанаваных норм – развіццё сельскіх тэрыторый". Паводле яго слоў, прапанаваныя навацыі доўга і падрабязна абмяркоўваліся з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады.
Пры распрацоўцы праекта ўлічваліся дэмаграфічныя тэндэнцыі ў Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе. Напрыклад, тое, што рост колькасці насельніцтва назіраецца толькі ў 16 з 128 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Відавочна, што за апошнія гады многія раённыя цэнтры ператвараюцца ў вёскі, абласныя цэнтры па колькасці набліжаюцца да раённых цэнтраў і з самых шматлікіх застаецца мегаполіс Мінск.
Нормы праекта ўказа не распаўсюджваюцца на Мінск, абласныя цэнтры і раёны каля абласных цэнтраў. Там захаваюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта па ўсіх зямельных пытаннях. Таксама яны не мяняюцца ў тым, што тычыцца сельскагаспадарчых зямель і лясных угоддзяў.
Дакумент пашырае паўнамоцтвы мясцовых органаў улады з мэтай развіцця сельскіх тэрыторый і ўключэння ў абарот населеных пунктаў і аб'ектаў прамысловага прызначэння, якія не выкарыстоўваюцца ў межах населеных пунктаў і на прылеглых да іх тэрыторыях. «У цэлым нормы распаўсюджваюцца на тэрыторыю раёнаў, раённых цэнтраў і сельскіх населеных пунктаў плошчай 1,2 млн. га, або 5,8% усіх зямель краіны», – адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
На названых тэрыторыях грамадзянам прадастаўлена для абслугоўвання жылых дамоў 279 тыс. га, для вядзення асабістых падсобных гаспадарак – 316 тыс. га. гэта значыць менш за палову зямель населеных пунктаў з'яўляюцца аб'ектамі рэгулявання прапанаванага праекта ўказа. Астатнія землі заняты юрыдычнымі асобамі або з'яўляюцца землямі агульнага карыстання, праінфармаваў Мікалай Снапкоў. "Такім чынам, нормы ўказа не парушаць базавыя прынцыпы сістэмы кіравання зямельнымі рэсурсамі і існуючую сістэму дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў нашай краіне. Дакумент накіраваны выключна на стымуляванне развіцця сельскіх тэрыторый", – падкрэсліў ён.

Як растлумачыў першы віцэ-прэм'ер, у праекце ўказа выразна падзелены паняцці "самавольнае займанне зямельнага ўчастка" (гэта значыць яго захоп), "невыкананне меж прадастаўленага зямельнага ўчастка" і "невыкананне мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка".
«Тое, што тычыцца самавольнага заняцця зямельнага ўчастка, яго захоп, у любым выпадку рашэнне застаецца за Прэзідэнтам», – удакладніў ён.
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Гэтага быць не павінна, за гэта трэба адказваць па законе. Але ў крайнім нейкім выпадку (гэта адзінкі) вы выходзіце на Прэзідэнта і ён узгадняе (падобныя рашэнні. – Удакл.)».
Мікалай Снапкоў назваў пяць асноўных прынцыпаў, на якіх прапануецца будаваць далейшыя зямельныя адносіны на сельскіх тэрыторыях. Першы – гэта стварэнне ўмоў для больш вольнага распараджэння грамадзянамі зямельнымі ўчасткамі пры выкананні горадабудаўнічых норм і санітарных правіл. Выключэнні складаюць участкі, прадастаўленыя на льготных умовах шматдзетным сем'ям і сем'ям, якія жывуць у нястачы. На іх распаўсюджваюцца дзейючыя абмежавальныя нормы.
Другі – прадастаўленне зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома плошчай да 1 га. Трэці – арганізацыя асабістых падсобных гаспадарак на плошчы да 4 га незалежна ад рэгістрацыі на тэрыторыі сельскага савета (сёння гэта рэгістрацыя абавязковая). Чацвёрты – уцягванне ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых вытворчых пляцовак, размешчаных у сельскіх населеных пунктах і на прылеглых тэрыторыях. Пяты – льготны 5-гадовы перыяд выкупу прадастаўленых зямельных участкаў па кадастравым кошце, паменшаным на 50% для стымулявання эканамічнага абароту зямлі.
Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што для фізічных асоб нормы ўказа дазволяць спрасціць парадак прадастаўлення зямельных участкаў, знізіць выдаткі, паменшыць працэдурныя дзеянні. Для юрыдычных асоб – гэта магчымасць паралельнага з будаўніцтвам адводу зямлі, выразны рэгламент канфіскацыі для дзяржаўных патрэб пры мінімальнай колькасці ўзгадненняў (зараз гэтага выразнага рэгламенту няма).

Праектам указа прапануецца дазволіць размяшчэнне нестацыянарных аб'ектаў без афармлення адводу зямлі (гаворка аб аб'ектах без падмурка, напрыклад, ларках, часовых збудаваннях), а таксама афармленне ўчасткаў садовых таварыстваў па фактычнаму карыстанню, без унясення змяненняў у праект забудовы. "Гэтыя, здавалася б, дробныя нормы вельмі чаканыя грамадзянамі", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
Ён таксама агучыў прапанову надзяліць мясцовыя органы ўлады правам вызначаць месца і мэты прадастаўлення зямельных участкаў без аўкцыёну, а таксама прадастаўляць дадатковыя зямельныя ўчасткі, якія прымыкаюць да існуючага, без аўкцыёну, па жаданні грамадзян.
Праект указа таксама змяшчае прамую норму, якая дазваляе мясцовым выканкамам ствараць хутары на непрыдатных для іншага выкарыстання землях, і норму, якая дазваляе зносіць невыкарыстоўваемыя прамысловыя аб'екты і ўключаць іх у землі населеных пунктаў.
Прапануецца зняць абмежаванні па распараджэнні зямельнымі ўчасткамі, прадстаўленымі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, і дазволіць змяняць іх мэтавае прызначэнне, выкарыстоўваць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Ёсць прапанова прадастаўляць магчымасць падзелу зямельных участкаў для будаўніцтва жылога дома, змены мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка да завяршэння будаўніцтва пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.
Прапануецца надзяліць мясцовыя органы ўлады паўнамоцтвамі па ўрэгуляванні пытанняў, звязаных з невыкананнем меж прадастаўленых зямельных участкаў. "Не з захопам, а невыкананнем меж прадастаўленых участкаў (так званая ва ўжытку "самаволка") пры парушэннях да 10% ад існуючай тэрыторыі, – удакладніў першы віцэ-прэм'ер. – Паводле ацэнкі, на аснове інвентарызацыі 27 раёнаў, па аэрафотаздымцы, фактаў з прыкметамі парушэнняў па невыкананні меж па ўсёй краіне ацэньваецца каля 150 тысяч".
Па матэрыялах БелТА
Фота: president.gov.by
Апошнія навіны