Настройкі
Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь

Дзмітрый Матусевіч: Дзяржаўны камітэт па маёмасці на пастаяннай аснове развівае свае інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы

Дзяржаўны камітэт па маёмасці прымае ўдзел у XXVIII Міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТИБО-2022. Ведамства прадстаўляюць Нацыянальнае кадастравае агенцтва, «Белгеадэзія», «Белкартаграфія», «БелПСГАГП» і «Белдзіпразем».

У ходзе форума прадпрыемства сістэмы Дзяржкаммаёмасці прэзентуюць наведвальнікам Геаінфармацыйны рэсурс даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, Геапартал зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, магчымасці беспілотных лятальных апаратаў для рэалізацыі задач дакладнага земляробства, публічную кадастравую карту і іншыя рэестры, а таксама картаграфічную прадукцыю.

«Дзяржаўны камітэт па маёмасці на пастаяннай аснове развівае свае інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы ў мэтах больш глыбокага выкарыстання ў нацыянальнай эканоміцы, а таксама павышэння іх надзейнасці і інтэраперабельнасці. Сёння распрацоўкі Дзяржкаммаёмасці запатрабаваны не толькі самой сістэмай, але і іншымі ведамствамі для задавальнення патрэбнасцей галін нацыянальнай эканомікі», – сказаў Старшыня ведамства Дзмітрый Матусевіч, наведваючы форум.

«Хачу адзначыць, што актыўна працягвае функцыянаваць і развівацца Геапартал зямельна-інфармацыйнай сістэмы. Гэта магчымасць работы з зямельна-кадастравай інфармацыяй самага шырокага спектра па розных напрамках. У Геапартале ЗІС дзейнічаюць модулі па многіх напрамках аўтаматызацыі землеўпарадкавальных і зямельна-кадастравых работ», – дадаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

Дзмітрый Матусевіч таксама расказаў, што працягваецца мадэрнізацыя Дзяржаўнага геадэзічнага фонда Рэспублікі Беларусь, у аснове якой – пабудова сучаснай, высокатэхналагічнай і прывабнай сістэмы аказання паслуг па прадастаўленні карыстальнікам матэрыялаў і даных у лічбавым відзе.

Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТИБО-2022 праходзіць з 6 па 10 чэрвеня. Сваю прадукцыю і паслугі прадстаўляюць вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сервісаў для масавага і карпаратыўнага сегмента, навуковыя і адукацыйныя ўстановы.


Апошнія навіны