01.04.2022
Былы бальнічны комплекс выстаўлены на продаж у Камянецкім раёне

Камітэт «Брэстаблмаёмасць» арганізуе ў красавіку электронныя таргі па 26 невыкарыстоўваемых аб'ектах нерухомай маёмасці.
На продаж выстаўлены былы свінакомплекс, школы, клубы, кацельныя, адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі, былыя аб'екты аховы здароўя, размешчаныя ў 11 раёнах вобласці, а таксама ў Баранавічах і Пінску. За адну базавую велічыню можна будзе набыць 10 аб'ектаў, чатыры прапануюцца да продажу ўпершыню, 12 – са значным паніжэннем кошту.
Так, на 19 красавіка прызначаны таргі па былой туберкулёзнай бальніцы ў вёсцы Вярховічы Камянецкага раёна. Комплекс будынкаў з абсталяваннем, якое прайшло дэзінфекцыю, прадаецца з паніжэннем кошту на 80% за Br410,6 тыс. На зямельным участку плошчай 28 га размяшчаюцца цагляны пяціпавярховы будынак галоўнага корпуса з падвалам, падземным пераходам і сістэмай відэаназірання, альтанкі, пажарны вадаём, пляцоўка для мыйкі і дэзапрацоўкі. У склад дзяржмаёмасці таксама ўваходзяць харчаблок, склады, гаражы, гароднінасховішча і іншыя збудаванні.
На электронныя таргі 26 красавіка выстаўлена незавершанае закансерваванае капітальнае збудаванне ў аграгарадку Падгорная Баранавіцкага раёна. Ступень гатоўнасці аднапавярховага цаглянага будынка плошчай 221,3 кв.м складае 92%. Кошт на аб'ект, які знаходзіцца недалёка ад маляўнічага возера Гаць, таксама зніжаны на 80% і складае Br17,4 тыс. Зямельны ўчастак плошчай 0,05 га прапануецца ў арэнду на 50 гадоў. Тут можна арганізаваць вытворчасць, размясціць аб'екты грамадскага харчавання, гандлю або паслуг, выкарыстоўваць пад жылы дом і вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі.
Патэнцыяльна вялікія магчымасці для прадпрымальніцкай дзейнасці прадстаўляюць і пяць лотаў таргоў 12 красавіка. Гэта аб'екты нерухомай маёмасці былога ваеннага прызначэння, размешчаныя на поўдзень ад аграгарадка Сялец Бярозаўскага раёна. Жалезабетонныя арачныя сховішчы і сховішчы пабудовы 1969 года выстаўлены на продаж па пачатковым кошце, роўным адной базавай велічыні.
На арганізаваных камітэтам «Брэстаблмаёмасць» таргах у сакавіку прададзена 10 аб'ектаў. Ад продажу дзяржмаёмасці ў бюджэт паступіць Br492,6 тыс., гэта ў два разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Інфармацыю аб аб'ектах, якія прапануюцца да продажу, арэнды і бязвыплатнага карыстання, можна знайсці ў Адзінай інфармацыйнай базе даных невыкарыстоўваемай маёмасці.
Апошнія навіны