16.03.2022
5D-пашпарт аб'екта нерухомай маёмасці: у віртуальнага новаўвядзення ёсць рэальная эканамічная карысць
У сувязі з дынамічным развіццём IT-тэхналогій і змяненнямі бізнеспрацэсаў на прадпрыемствах удасканальваюцца падыходы і ў сферы тэхнічнай інвентарызацыі нерухомай маёмасці. Да прыкладу, на Міншчыне год таму з'явілася ўнікальная распрацоўка, якая дазваляе візуалізаваць аб'ект нерухомай маёмасці ў віртуальнай прасторы без яго наведвання.

Спецыялісты Мінскага абласнога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры паказалі на камп'ютэры гатовыя аб'екты, па якім можна «прагуляцца» у рамках віртуальнага тура. Самыя яркія і працазатратныя з іх – будынак вытворчай базы ў Заслаўі, зямельныя ўчасткі ў Мінскам і Дзяржынскам раёнах, будынак помніка архітэктуры «Сядзібны дом графа Патоцкага». Тэхнічныя асаблівасці гэтых аб'ектаў можна разгледзець у дэталях нават з мабільнага тэлефона або планшэта. Усе яны выстаўлены або ў бліжэйшы час будуць выстаўлены на продаж, а адзін з зямельных участкаў ужо прададзены з аўкцыёну.
Дырэктар агенцтва Аляксей Васільеў расказаў гісторыю стварэння інавацыйнага прадукту:

– Інтэрактыўны праект стартаваў у мінулым годзе, а галоўным штуршком для распрацоўкі і ўкаранення паслугі па стварэнні інтэрактыўных 5D-пашпартоў на аб'екты нерухомай маёмасці стаў Дэкрэт Прэзідэнта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Штуршком была таксама і чацвёртая прамысловая рэвалюцыя («Індустрыя 4.0»), якая, па сутнасці, стала новым пераваротам, не падобным на ўсе папярэднія, і якая прапануе новы падыход да вытворчасці, заснаваны на масавым укараненні IT у прамысловасць, маштабнай аўтаматызацыі бізнесу. Стварэнне 5D-пашпарта дапамагло зрабіць першыя сур'ёзныя крокі ўбок лічбавай трансфармацыі прадпрыемства, каб яна грунтавалася на канонах сучасных тэхналогій рэестра блокаў транзакцый (блокчэйн), інжынернага мадэліравання будынкаў і тэрыторый (BIM), наземнага і паветранага лазернага сканіравання, а таксама дазволіла нашым патэнцыяльным кліентам візуалізаваць аб'ект у віртуальнай прасторы без рэальнага наведвання.
На шляху да 5D
Але ў нашы дні нікога не здзівіш стварэннем трохмерных мадэлей. Такую паслугу аказвае дастатковая колькасць кампаній. Юрый Сцесін, галоўны спецыяліст па тэхнічнай інвентарызацыі агенцтва, растлумачыў:
– Прыйшлі да думкі стварыць не проста 3D-візуалізацыю аб'екта, а дапоўніць яе каштоўнай інфармацыяй, якая надасць аб'екту інфармацыйны каларыт і пакажа яго больш падрабязна перад патэнцыяльнымі інвестарамі. З такімі інфармацыйнымі слаямі аб'ект становіцца ўжо не проста трохмернай мадэллю. Ён апісвае сваю гісторыю, лёс, жыццёвы цыкл, што дае падставы казаць аб ім як аб інтэрактыўнай 5D-мадэлі, характарыстыкі якой могуць мяняцца ў часе і прасторы. З гэтай канцэпцыі ўзнікла асноўная ідэя для паслугі «Інтэрактыўны 5D-пашпарт».

У яго запатрабаванасці ніхто не ўсумніўся і пасля шэрага мерапрыемстваў. У канцы мінулага года агенцтва ўдзельнічала ў дзвюх выстаўках (Budexpo 2021 і Tibo-2021) з прэзентацыяй магчымасцей «прагулкі» па лічбавых аб'ектах інтэрактыўнага пашпарта пры дапамозе тэхналогій віртуальнай рэальнасці. Гэта выклікала ў наведвальнікаў экспазіцыі немалы інтарэс. Інфармацыйныя магчымасці 5D-пашпарта аб'екта практычна не абмежаваны.
Таццяна Шымко, намеснік дырэктара Мінскага абласнога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, дадала:
– Ён можа закрываць розныя мэты і быць інтэграваным у любое лічбавае асяроддзе, бо створаны як базавае лічбавае ядро з магчымасцю дапаўнення і развіцця. Віртуальны прадукт у бліжэйшай будучыні можа і павінен стаць часткай лічбавай эканомікі і эфектыўным інструментам для прыцягнення інвестыцый у краіну.
Выдатныя перспектывы
За год была прароблена важкая лічбавая дзейнасць: ужо рэалізавана восем праектаў. Гэта распрацоўкі дружнай каманды прафесіяналаў, якія валодаюць навыкамі работы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, трохмернага мадэліравання, сканіравання аб'ектаў і апрацоўкі воблака кропак, атрыманых па выніках лазернага сканіравання. Спецыялісты маюць вышэйшую тэхнічную адукацыю па спецыяльнасцях «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» і «інжынер-землеўпарадчык».

Удакладняем у агенцтве, колькі абыходзіцца стварэнне інтэрактыўнага пашпарта. Кошт работ па яго стварэнні напрамую залежыць ад патрабавання заказчыка па напаўненні мадэлі інфармацыйнымі слаямі, а таксама складанасці аб'екта. Зараз інжынеры працуюць над дзевятым 5D-пашпартам па заказе ДУ «Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Мінск». Гэта зямельны ўчастак плошчай 25 гектараў у Барысаўскім раёне.
– У выніку маецца на ўвазе стварыць лічбавую мадэль мясцовасці з нанясеннем на яе шэрага ўнікальных слаёў: лясістасць, падземныя і наземныя інжынерныя сеткі і інш. Пры стварэнні гэтай мадэлі выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі паветранага сканіравання з выкарыстаннем лідара і беспілотных лятальных апаратаў. Работы намераны завяршыць у канцы сакавіка. Мяркуем, што рэалізацыя дадзенага праекта адкрые магчымасць да алічбавання ўсіх зямельных участкаў, якія ўваходзяць у СЭЗ «Мінск». Як паказвае практыка, інвестара цікавяць незабудаваныя зямельныя ўчасткі, – падзялілася Таццяна Шымко.

У планах стваральнікаў – інтэграцыя інтэрактыўнага 5D-пашпарта ў тыпавую канцэпцыю разумных гарадоў, распрацаваную Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, удасканальванне прадукту да ўзроўню эксплуатацыйнага пашпарта з уключэннем у яго склад аблічбаваных падземных інжынерных сетак, а таксама прапрацоўка на базе ядра інтэрактыўнага пашпарта двух новых напрамкаў: інжынірынгавага аўдыту аб'ектаў нерухомай маёмасці і пашпарта энергаэфектыўнасці з прымяненнем даных і тэхналогій паветранага спектральнага (цеплавізарнага) сканіравання.
Аб будучыні лічбавага новаўвядзення можна казаць шмат. Кіраўнік агенцтва Аляксей Васільеў абвёў асноўныя перспектывы лічбавага прадукту:
– Па хаду развіцця пяцімернай рэальнасці мэты стварэння интерактыўнага пашпарта сталі праяўляцца ўсё яскравей. Гэта павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці аб'ектаў, паспяховы іх продаж, захаванне ў лічбе багатай культурнай спадчыны Беларусі. Адзначу, што мадэліраванню падлягаюць як будынкі і збудаванні, так і зямельныя ўчасткі, а таксама інвестыцыйныя і прамысловыя пляцоўкі. Нельга не адзначыць, што інтэрактыўны пашпарт таксама можна разглядаць як інструмент перад запланаванымі работамі па рэканструкцыі, мадэрнізацыі або рамонце, бо заўсёды прасцей спачатку візуалізаваць што намечана, а ўжо потым рэалізоўваць задуманае.
Па матэрыялах sb.by
Апошнія навіны