Прыватызацыя прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў
Пытанні прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці рэгулюе Закон Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1993 г. № 2103-XII ”Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы“ (далей – Закон аб прыватызацыі), пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 г. № 1929 ”Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ”Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў па пытаннях прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці“, іншыя падзаконныя акты.
Асобныя пытанні працэдуры прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і абароту акцый на рынку каштоўных папер урэгуляваны Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 1998 г. № 3 "Аб прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
Аб'ектамі прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці з'яўляюцца:
- прадпрыемствы як маёмасныя комплексы дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў;
- акцыі (долі ў статутных фондах), гаспадарчых таварыстваў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь або ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
Суб'ектамі прыватызацыі могуць з'яўляцца:
- фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства;
- юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, за выключэннем дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў, у статутных фондах якіх колькасць акцый (памер долі), якія належаць Рэспубліцы Беларусь і (або) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, перавышае 50 працэнтаў;
- замежныя дзяржавы і іх адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі;
- міжнародныя арганізацыі;
- замежныя юрыдычныя асобы;
- замежныя арганізацыі, якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі.
Набыць аб'екты прыватызацыі можна на аўкцыёне або па конкурсе. Законам аб прыватызацыі прадугледжаны таксама выпадкі набыцця аб'ектаў прыватызацыі без правядзення аўкцыёнаў або конкурсаў:
- продаж акцый адкрытага акцыянернага таварыства па выніках давернага кіравання;
- іншыя выпадкі, устаноўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Продаж прыналежных Рэспубліцы Беларусь акцый акцыянерных таварыстваў ажыццяўляецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтоўка прапаноў аб памерах і ўмовах продажу пакетаў акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў ажыццяўляецца міністэрствамі і канцэрнамі, у кіраванні якіх знаходзяцца акцыі.
Падрыхтоўка праектаў рашэнняў Кіраўніка дзяржавы аб адчужэнні акцый ажыццяўляецца Дзяржкаммаёмасцю на падставе прапаноў міністэрстваў (канцэрнаў). У мэтах выканання прынятых рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб продажы акцый Дзяржкаммаёмасць забяспечвае арганізацыю і правядзенне таргоў па продажы акцый, заключае з пакупнікамі дагаворы куплі-продажу акцый і забяспечвае кантроль за выкананнем імі сваіх абавязацельстваў па гэтых дагаворах.