Арэндныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2012 г. № 150 «Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю» (далей – Указ № 150), Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2012 г. № 294 «Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю», асобнымі пастановамі Урада Рэспублікі Беларусь, рашэннямі мясцовых Саветаў дэпутатаў і інш.
Арэндадаўцамі нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, з’яўляюцца:
- рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, іх тэрытарыяльныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк, Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчы камітэт, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Прэзідэнту Рэспублiкi Беларусь, iх тэрытарыяльныя органы, Генеральная пракуратура, тэрытарыяльныя і спецыялізаваныя пракуратуры, Дзяржаўная служба медыцынскіх судовых экспертыз, органы Камітэта дзяржаўнага кантролю, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы;
- рэспубліканскія і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, установы, адміністрацыі свабодных эканамічных зон, іншыя арганізацыі, за якімі нерухомая маёмасць замацавана на праве гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кіравання;
- акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе пераўтварэння рэспубліканскіх і камунальных унітарных прадпрыемстваў, і рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб’яднанні, якім нерухомая маёмасць перададзена ў бязвыплатнае карыстанне.
Асноўнымі арандатарамі нерухомай маёмасці выступаюць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Здача ў арэнду нерухомай маёмасцi ажыццяўляецца арэндадаўцамі па ўзгадненні з вышэйстаячым органам дзяржаўнага кіравання або пазыкадавальнікам (у дачыненні да нерухомай маёмасці, перададзенай акцыянерным таварыствам па даговору бязвыплатнага карыстання).
Дагавор арэнды капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў заключаецца на тэрмін не менш чым тры гады. Заключэнне такіх дагавораў на тэрмін менш чым тры гады дапускаецца толькі са згоды арандатараў.
Дагавор арэнды павінен быць заключаны ў пісьмовай форме. Прыкладная форма дагавора арэнды зацверджана пастановай Дзяржкаммаёмасці ад 27 чэрвеня 2012 г. № 22.
Арэндная плата ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку вызначэння памеру арэнднай платы пры здачы ў арэнду капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў, іх частак, зацверджаным Указам № 150, і выплачваецца ў беларускiх рублях адпаведна памеру базавай арэнднай велічыні, устаноўленай на дзень аплаты. Памер базавай арэнднай велічыні штогод устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь з улікам змянення індэкса спажывецкіх цэн за мінулы год у адносінах да папярэдняга і прымяняецца з 1 красавіка таго года, у якім ён усталяваны.
Арэндная плата ўстанаўліваецца ў памеры, які забяспечвае пакрыццё фактычных выдаткаў на амартызацыю аб’екта нерухомасці, выплату ўсіх відаў падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт, а таксама атрыманне прыбытку.
У мэтах стымулявання развіцця вытворчасці і аказання паслуг у малых і сярэдніх гарадах, а таксама ў сельскай мясцовасці прадугледжана прымяненне шэрагу дадатковых паніжальных каэфіцыентаў да базавай стаўкі арэнднай платы.
У Рэспубліцы Беларусь сфармаваны адзіныя падыходы да здачы ў арэнду капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў, іх частак, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай і камунальнай уласнасці.